Pahonia Часопіс Беларускія Ведамасьці - БВ  
Галоўная     |     Пра Бюлетэнь     |     Рэдакцыя     |     Кантакт     |     Спасылкі     |     Пошук
 
   
 
Чытаючы, задумаўся. Друк E-mail

 

Гартаючы Сеціва, я натыкнуўся на ўспаміны Дануты Бічэль пра Аляксея Карпюка і Васіля Быкава, і адразу ж прачытаў фразу: “Васіль (Быкаў) аднойчы ў цемры, каб я ня ўскочыла ў лужыну, паклікаў:
-- Хадзі на мой голас...
 Я пайшла. Доўга йшла я на ягоны голас, пакуль ён ня ўцёк у Менск і ад сям’і, і ад нас усіх”.
 Просьценькая фраза пра вялікага Быкава, але штосьці такі сум напаў на мяне. Ну чаму мы такія прымітыўныя, недалёкія, чаму ня можам узьняцца высока і глянуць далёка? Сумна яшчэ і таму, што нават расейцы, літаратуру якіх я не люблю за яе шавінізм і насычанасьць злом, нават яны выглядалі высакародна ў дачыненьні да сваёй літаратуры, пісьменьнікаў і Айчыны.
 Аляксандар Пушкін, талент якога цанілі расейскія сучасьнікі, вылучаўся нязносным успыльчывым характарам, пастаянна выклікаў нейкага на дуэль і забываўся прыйсьці, але сучасьнікі, ставячы яго высока ў рускай літаратуры, гатовыя былі нават ахвяравацца сабой. Аднойчы Пушкін пасьля нейкай сваёй чарговай выхадкі і непаразуменьня з жонкай выклікаў на дуэль пісьменьніка Ўладзімера Салагуба. (Салагуб пазьней лічыўся добрым пісьменьнікам.) “Што будзем рабіць?” – пытаюць у Салагуба сябры. “А нічога, -- кажа Салагуб, -- я выстралю ўверх”. “А калі Сашка стрэльць у цябе?” – пытаюць. “Пушкін важней для рускай літаратуры”, -- адказаў Салагуб. (Дарэчы, Пушкін на тую дуэль не зьявіўся.)
 Сумна ўсё гэта ўспамінаць (начытанае ў іншых), сустракаючыся з дрымучым правінцыялізмам нашых, які не забудзе, не даруе нічога й нікому: ні крыўды, ні стрэмачкі, ні няўвагі. І цяжка аказваецца зразумець, спазнаць веліч асобы вялікага нацыянальнага пісьменьніка – аднаго зь нямногіх, што прыйшоў у Беларускае Адраджэньне і паклаў сваю вядомасьць на алтар Беларусі. Ягоным духам і такімі, як ён, жыве беларуская вечнасьць.


Зянон ПАЗЬНЯК
7. 06. 2008 г., Варшава 

 
« Папяр.

 
Апошнія нумары