Pahonia Часопіс Беларускія Ведамасьці - БВ  
Галоўная     |     Пра Бюлетэнь     |     Рэдакцыя     |     Кантакт     |     Спасылкі     |     Пошук
 
   
 
Сутнасць Выбараў Друк E-mail

 

(Ліст сябрам Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ)

Выбарчую кампанію ў парлямант рэжым на Беларусі праводзіць сёлета крайне недэмакратычнымі мэтадамі, яшчэ больш жорсткімі і бессаромнымі, чым раней. Але адначасна шмат адкуль ужо цяпер йдзе ня менш бессаромная прапаганда за тое, каб прызнаць гэтыя антыдэмакратычныя выбары за дэмакратычныя і тым самым легітымізаваць новаабраную бяспраўную “палату”.
 
Масква, якая кантралюе асноўныя галіны ўлады на Беларусі, зацікаўлена ў легітымнасьці “палаты”, каб фармальна замацаваць захоп беларускай маёмасьці, зрабіць расейцаў РФ грамадзянамі Беларусі і ўвесьці расейскія ракеты і войскі на Беларусь. 
 
8-га верасьня гэтага года Лукашэнка на канфэрэнцыі для прэсы даў выразна зразумець, што ўсе гэтыя пытаньні, гэтак жа, як і прызнаньне Паўднёвай Асэціі, будуць вырашацца дэпутатамі пасьля выбараў новага парляманту. 
 
Лукашэнка хацеў бы мець легальны парлямант, каб перакласьці на яго частку адказнасьці і ўзаконіць рэжым у міжнародным маштабе. 
 
Эўразьвяз, верны падвойным стандартам у палітыцы, хацеў бы прызнаць недэмакратычныя выбары за дэмакратычныя, каб павярнуць лукашысцкі рэжым да сябе тварам, наіўна думаючы дробнымі падачкамі разьвярнуць яго ў заходнім кірунку.
 
Падстаўная апазыцыя падтрымлівае пазыцыю Эўразьвязу (немцаў, Брусэля і г.д.) пры ўмове аплаты грашыма. Імітатары ў палітыцы ніколі не зыходзілі з нацыянальных інтарэсаў, а толькі ўлічвалі каньюнктуру Захаду, прапановы Масквы, думку АБСЭ і падладжваліся пад іх (ізноў жа, за аплату і за адпаведную ўзнагароду за паводзіны). 
 
Тым часам галоўны нацыянальны інтэрас беларусаў у гэтай сытуацыі ёсьць міжнароднае непрызнаньне антыдэмакратычных выбараў. Ад прызнаньня ці непрызнаньня будзе залежыць далейшы ход унутранай акупацыі Беларусі, увядзеньне расейскіх ракетаў, войска, захоп беларускай маёмасьці, зьмяненьне дэмаграфічнага балянсу краіны і г.д. Усе іншыя выбарчыя апэрацыі (кандыдаваньне, агітацыя, пропуск двух-трох прамаскоўскіх “дэмакратаў” у “палату” і г.д.) – усё гэта ня мае ніякага значэньня перад галоўным: прызнаньне ці непрызнаньне антыдэмакратычных выбараў, легальная будзе ці нелегальная новая рэжымная “палата”.
 
У сытуацыі бяспраўя і недэмакратычнасьці выбараў, у становішчы поўнай адсутнасьці кантролю над галасаваньнем і над фальсіфікацыяй галасаваньня, адзіным эфэктыўным дзеяньнем, якое можа накаўтаваць рэжым і забясьпечыць непрызнаньне фальшывых выбараў – гэта байкот, няўдзел у галасаваньні. 
 
Канцэпцыя асэнсаванага няўдзелу ў галасаваньні ў рэжымнай схеме фальшывых выбараў распрацаваная намі даўно, яшчэ ў канцы 90-х гадоў. Удалося яе адносна пасьпяхова ўжыць у 2000-м годзе (тады правалілася галасаваньне ў Менску і іншых месцах). Выбары не былі прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. 
 
Падрыхтоўкай байкоту (пачынаючы з сакавіка гэтага года) практычна займаецца толькі адна партыя – КХП БНФ. Пазьней яе падтрымалі (і дзейнічаюць самастойна) некаторыя моладзевыя арганізацыі (Малады Фронт і інш.). Вынікі нашай цяжкай і нябачнай працы ёсьць, але яны заўсёды будуць няпоўнымі, калі ў выбарчым полі застануцца іншыя нерэжымныя арганізацыі і партыі. У гэтым сэнсе падстаўная апазыцыя як вечны штрайкбрэхер і калабарант іграе заўсёды сваю заведамую ролю. 
 
Рэжым адэкватна адчувае небясьпеку байкоту і сваё слабое месца ў фальшывай палітыцы. Неўзабаве пасьля ініцыятывы КХП БНФ, яшчэ вясной, абазвалася агентурная “Хартыя”, якая раптам... падтрымала байкот. Спачатку падаў голас спадар Бандарэнка, а ў апошні час А. Саньнікаў. Ніякіх дзеяньняў за гэтым, натуральна, не стаіць, акрамя няўклюднай спробы агентуры адцягнуць на сябе ўвагу ад сур’ёзнай справы і разьвесьці пустапарожнія гаварэньні. 
 
Людзям, якія разумеюць адказнасьць становішча, я б ня раіў, аднак, марнаваць час на гаворкі з агентурай. Сумленным беларусам трэба зрабіць усё магчымае, каб у справе ацэнкі выбараў не запанавалі палітычныя цынікі і прагматыкі падвойных стандартаў. Недэмакратычныя выбары ня могуць быць прызнаныя за дэмакратычныя. Прарасейскі парлямант, які падрыхтаваны па сьпісах рэжыму і Масквы і прапушчаны праз працэдуру фальшывага галасаваньня, ня можа быць легітымным ворганам улады. І што істотна – сваё слова тут можа сказаць кожны беларус, калі адмовіцца ўдзельнічаць у камэдыі, у якой ад яго ўдзелу нічога ўжо не залежыць. Усе за байкот галасаваньня!

Зянон ПАЗЬНЯК
Старшыня Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне”
і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі -- БНФ

9 верасьня 2008 г.

 
« Папяр.   Наст. »

 
Апошнія нумары