Кожны год, увосені, мясцовае самакіраваньне раёну Атлянтык-эвэню (вялікі праспэкт у Брукліне) наладжвае сьвята вуліцы і вялікі кірмаш, дзе можна што хочаш прадаць і што прадаюць купіць. Па ўсёй вуліцы суцэльны рознакаляровы чалавечы тлум, выходзяць 100-200 тысячаў людзей, сьпяваюць, танцуюць, купляюць, ядуць (бяз гэтага амэрыканцы ня могуць – ядуць усюды) і проста шпацыруюць, глядзяць адзін на аднаго. Грае музыка і аркестры (усё мясцовага кшталту). | Фэстываль у Брукліне. Сьпявае Валянціна Пархоменка. (Фота: Яўгена Ўнука) |
На Атлянтык-эвэню разьмешчаныя дзьве беларускія цэрквы. Заўсёды прымае ўдзел у сьвяце царква па Атлянтык-эвэню, 401 (Сабор сьв. Кірылы Тураўскага), разьмешчаная у самым цэнтры фэстывалю. А сёлета (у нядзелю, 5 кастрычніка) беларусы ўвогуле паказалі клясу. На ганак Сабора вышаў наш знакаміты ансамбль -- гэта заслужанaя артысткa Рэспублікі Беларусь Валянціна Пархоменка, Алесь Казак (яе муж) і таленавітая Вольга Казак (дачка) – ды як зайгралі, як засьпявалі магутныя беларускія народная песьні на ўсю ваколіцу, то сабраўся вялікі натоўп, слухалі, пляскалі ў ладкі, прытопвалі ды танцавалі. “Вот кантры? – чулася. -- О, Бэлярус, Бэлярус! Вэры гуд!” Нашыя беларусы тым часам таксама польку не прамінулі. І думаецца: як добра, што ёсьць ў нас наша вялікая культура, нашы дзівосныя беларускія песьні, наша знакамітая сьпявачка Валянціна Пархоменка! Шкода, што ня чуюць яе (ня могуць чуць) на Бацькаўшчыне. Але й тут яна і ўся яе таленавітая сям’я мараць і сьпяваюць для Беларусі.
| Фэстываль у Брукліне. Каля Сабору сьв. Кірылы Тураўскага. (Фота: Яўгена Ўнука) | Мар’ян Ванькевіч
|