Pahonia Часопіс Беларускія Ведамасьці - БВ  
Галоўная     |     Пра Бюлетэнь     |     Рэдакцыя     |     Кантакт     |     Спасылкі     |     Пошук
 
   
 
“Ігуменскі Шлях” – дарога памяці Друк E-mail

 

29 чэрвеня Кансэрватыўна-Хрысьціянская Партыя – БНФ арганізавала штогадовыя мэмарыяльныя мерапрыемствы паблізу г. Чэрвеня (былы Ігумен) Менскага раёну. Да сяброў Партыі далучылася шмат дзяўчат і хлопцаў – маладых беларускіх патрыётаў. Прыбыла дэлегацыя летувіскай моладзі пад нацыянальна-дзяржаўным сьцягам Летувы. Удзельнікі пачалі Шлях ад будынка былой Ігуменскай турмы. Гэты астрог расейскія акупанты нашай зямлі пабудавалі яшчэ на прыканцы 18 стагоддзя. Яны пакарысталіся астрогам і ў чэрвені 1941 года, калі каты НКВД гналі калёны вязьняў зь Менскай ды Вялейскай турмаў ў бок Расеі. Вязьняў вывелі з Ігуменскай турмы 25 чэрвеня і пагналі па дарозе. У лясным масіве Цагельня акупанты адкрылі агонь па нявінных людзях і забілі больш за тысячу чалавек. Зразумела, што ў савецкія часы было забаронена згадваць пра ігуменскую трагедыю. З 1990 г. Беларускі Народны Фронт “Адраджэньне” пачаў праводзіць мэмарыяльныя акцыі ў памяць ахвяраў расейскага тэрору. Людзі ўсталявалі манумэнтальныя крыжы на магілах ахвяраў.

Група сяброў Кансэрватыўна–Хрысьціянскай Партыі БНФ на месцы расстрэлаў людзей каля Ігумена. Ліпень 2008 г.

Група сяброў Кансэрватыўна–Хрысьціянскай Партыі БНФ на месцы расстрэлаў людзей каля Ігумена. Ліпень 2008 г. 

Сёлетнія мэмарыяльныя мерапрыемствы распачалася сьпяваньнем духоўнага гімну “Магутны Божа”. Выступілі намесьнік старшыні Фронту і Партыі сп. Сяргей Папкоў, сакратары Управы Фронту і Партыі сп. Віктар Рабушка і Валеры Буйвал, сябра Сойму Фронту і Партыі сп. Пятро Шашкель, прадстаўнікі дэлегацыі з Летувы. Выступоўцы казалі пра народную памяць аб ахвярах расейскай акупацыі. Ігумен – не адзінае месца на Беларусі, дзе ў першыя дні нямецкай інвазіі расейскія каты НКВД забівалі тысячы людзей. Наперадзе адкрыцьцё праўды аб іншых злачынствах акупацыйнага маскоўскага рэжыму.

У адрозьненьне ад нямецкага фашызму чырвоны расейскі фашызм ня быў ліквідаваны і забаронены ў выніку той вайны. Ён працягвае сваё драпежнае існаваньне ў сёньняшнім маскоўскім імпэрыялізме. Не выпадкова, што вялікадзяржаўныя цемрашалы імкнуцца перапісаць гісторыю і ў чарговы раз падмануць людзей: услаўляюць Сталіна і “славные органы” НКВД-КГБ, хаваюць сьляды сваіх злачынстваў на нашай зямлі. Яны імкнуцца вярнуць у нашае жыцьцё увесь крывавы антычалавечы жах, які яны тварылі на Беларусі і ў іншых акупаваных краінах у 1930-40-я гады. Яны – спадчыньнікі злачынцаў НКВД-КГБ. Іхная задача – аднаўленьне маскоўскай імпэрыі ў былых межах, зьнішчэньне незалежных дзяржаваў, вызваленых ад каляніялізму народаў. Іхныя лабавыя атакі на нашую незалежнасьць былі правалены ў 1996 годзе ў выніку магутнага супраціву беларускіх патрыётаў. Цяпер Масква рукамі сваіх марыянэтак спрабуе ў каторы раз падмануць наш народ і паняволіць Беларусь шляхам іншых мэтадаў і фальшывых “выбараў”. Адзінае выйсьце з гэтага тупіка – усенародны няўдзел у выбарчых гульнях дыктатуры. Няхай рэжым гуляецца сам з сабой. Масква павінна зразумець, што ў выпадку нашэсьця на нашую дзяржаву Беларускі народ будзе абараняць сваю незалежнасьць у адпаведнасьці з Канстытуцыяй, у адпаведнасьці з нашай нацыянальнай традыцыяй і прыродным правам. Імпэрскі фашызм ня пройдзе! Так гаварылі выступоўцы.

Потым да манумэнтальных крыжоў на магілах ахвяраў усклалі вянкі і кветкі, запалілі сьвечкі і зьнічкі.


Інфармацыйная камісія Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
29 чэрвеня 2008 г.

 
« Папяр.   Наст. »

 
Апошнія нумары